СВЯТА БЕЛАРУСКАГА ПІСЬМЕНСТВА

СВЯТА БЕЛАРУСКАГА ПІСЬМЕНСТВА
 
8 верасня ў бібліятэцы Магілёўскага дзяржаўнага прафесіянальнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П. Арлоўскага ладзіўся літаратурны дэсант пад назвай ’’У коле сяброў’’, прымеркаваны да Дня беларускага пісьменства. Госцем мерапрыемства была пісьменніца Тамара Аўсяннікава.
Група прадаўцоў, аператараў ЭВМ № 9 па-сяброўску размясцілася за круглым сталом ва ўтульнай зале бібліятэкі. Да пачатку літаратурнай сустрэчы навучэнцы пазнаёміліся з выставай “Гістарычныя крыніцы беларускай пісьменнасці”, на якой былі прадстаўлены кнігі аб Францішку Скарыне, Ефрасінні Полацкай, Кірыле Тураўскім, а таксама кнігі беларускіх пісьменнікаў. На выставе ганаровае месца было адведзена Магілёўскім пісьменнікам, якія ў мінулыя гады былі тут гасцямі і пакінулі свае кнігі ў дар бібліятэцы. Гэта кнігі Уладзіміра Дуктава, Надзеі Палубінскай, Эдуарда Мядзведскага, калектыўны зборнік Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі “Прыдняпроўе” і калектыўны зборнік літаратурнага аб’яднання “Ветэран”.
Свята адкрыла бібліятэкар Інна Анатольеўна Макаранка. Яна расказала аб тым, што дзень беларускага пісьменства праводзіцца штогод у першую нядзелю верасня, што канцэпцыя свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі. А пачыналася беларускае пісьменства з Еўфрасінні Полацкай і Кірыла Тураўскага, а друкаванае слова - з Францішка Скарыны.
Традыцыйна свята ладзіцца ў гарадах, якія з'яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Упершыню, у 1994 годзе, святочныя мерапрыемствы адбыліся ў старажытным горадзе Полацку. Потым сталіцамі свята былі такія гістарычна значныя культурныя цэнтры краіны, як Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў.
XXІ Дзень беларускага пісьменства прайшоў 6 і 7 верасня 2014 года ў горадзе Заслаўе (Мінская вобласць). Усе навучальныя і культурныя ўстановы Беларусі прынялі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні тыдняў беларускага пісьменства.
Потым выступіла Тамара Аўсяннікава . Яна расказала аб асноўных этапах развіцця беларускай мовы, аб сабе, аб працы гарадскога літаратурнага клуба “Святліца”, які яна вядзе. Пазнаёміла прысутных са сваімі вершамі, апавяданнямі, нават праспявала песню на свае словы. Тамара Пятроўна зацікавіла не толькі сваімі творамі, але і прыгожай беларускай мовай. Асабіста мяне, аўтара гэтых радкоў, падштурхнула да больш грунтоўнага вывучэння роднай мовы. Прыемна, што ў эпоху камп’ютараў і асаблівай цікавасці да англіскай мовы, ёсць месца і для нашай роднай беларускай мовы, якая яднае людзей розных пакаленняў, розных інтарэсаў.
Напрыканцы, Тамара Пятроўна пакінула ў дар бібліятэцы кнігу прозы “Любачка“ і кнігу паэзіі “Стромкая галінка“. Навучэнцы і загадчыца бібліятэкай Драздоўская Людміла Віктараўна выказалі падзяку Тамары Пятроўне.
 
Член гарадскога літаратурнага
Клуба “Святліца”
Валерыя Казачэнка